Адзіны дзень беларускага маўлення

Печать

“Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”, – пісаў яшчэ ў ХІХ стагоддзі класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч. На жаль, актуальным гэты заклік застаецца і для нас, беларусаў ХХІ стагоддзя.
Таму ў 2018/2019 навучальным годзе кожны чацвер будзе адзіным днём беларускага маўлення.

У гэты дзень у нашай гімназіі-каледжы будуць праводзіцца разнастайныя гульні, конкурсы і віктарыны, накіраваныя на папулярызацыю беларускай мовы. Мы не заклікаем вас адразу перайсці на беларускую мову. Не патрабуем размаўляць на беларускай мове цэлы дзень. Як рака пачынаецца з крыніцы, так і вы, калі ласка, пачніце з малога: прыміце ўдзел у акцыі ці конкурсе, павітайцеся па-беларуску, скажыце “дзякуй” за тое добрае, што зробяць вам у гэты дзень.

І гэтае “дзякуй”, паверце, гулкім рэхам адгукнецца ў стагоддзях беларускай гісторыі і шчырым “калі ласка” прагучыць у вуснах нашых нашчадкаў.І хацелася б, каб не толькі ў гэты дзень, а заўсёды вучні гімназіі-каледжа маглі далучыцца да слоў сучаснай паэтэсы Лідзіі Полазавай:

Вы паслухайце родную мову:

Жаўруковаю песняй звініць…

Колькі фарбаў, адценняў у слове!

Як пявуча ліецца-гучыць!

Веру, мова мая – будзе жыць!