Інтэрактыўная гульня “Ці ведаеце вы Беларусь?”

Печать

Беларусь невыпадкова называюць зямлёю пад белымі крыламі. Наш родны край чароўны і старажытны,  як сівая легенда. Гэта краіна таленавітых і працавітых людзей, продкі якіх славіліся мужнасцю, жыццёвай мудрасцю і сілай духу. Ведаць традыцыі, святы, славутых людзей павінен кожны беларус. З такой мэтай 7 кастрычніка для 5-8 класаў была праведзена інтэрактыўная гульня “Ці ведаеце вы Беларусь?”. Вучні знаёміліся з роднай краінай, яе культурай, гісторыяй, прыродай. Гульня  складалася з  наступных катэгорый : "Самыя-самыя", "Суайчыннікі", "Святы", "Стравы","Строі",  кожная з якіх уключала па 5 пытанняў адной тэматыкі. Цікава было даведацца пра самую высокую кропку Беларусі, самы старажытны горад, а таксама пра самую маленькую птушачку нашага краю. Іван Фёдараў, Пётр Мсціславец, Ігнат Дамейка – землякі, якімі мы ганарымся. Каляды, Купалле, Вялікдзень – святы, якія мы і сёння шануем. Актыўна вучні адказвалі на пытанні, якія датычыліся беларускіх нацыянальных страў. Пераможцамі сталі ўсе ўдзельнікі, таму што па заканчэнні гульні ва ўсіх быў добры настрой і задавальненне ад працы.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Дабравольская І.В.